УСХО́ДНЕ-ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ПЛАТФО́РМА, Руская платформа,
старажытная (дарыфейская) глыба кантынент. зямной кары (кратон), якая складае ядро Еўрап. мацерыка. Уваходзіць у склад Еўразіяцкай літасфернай пліты. Тэктанатып стараж. платформ. Мае форму няправільнага пяцівугольніка пл. каля 6 млн. км². Абмежавана насовамі і покрывамі складкавых збудаванняў: байкалід (рыфейскі Ціман), каледанід (Скандынавія, Польшча і Украіна — Тэйсера—Торнквіста лінія), герцынід (Урал, Перадкаўказзе, Прычарнамор’е), альпід (Карпаты). Некат. даследчыкі ўключаюць у склад платформы Баранцаваморска-Пячорскую пліту. Фундамент платформы складзены з крышт. моцна метамарфізаваных, змятых у складкі і магматычных парод архею — ніжняга пратэразою. У фундаменце адны даследчыкі вылучаюць 3 сегменты паводле ўзросту горных парод: на ПнЗ — Фенаскандыя (у асн. раннепратэразойскі), на ПдЗ — Сарматыя і У — Волга-Уралія (пераважна архейскі); іншыя вылучаюць 3 сегменты паводле рэчыўнага складу: зах. і ўсх. сегменты (пераважна складзеныя з гранулітавых комплексаў) і цэнтр. (амфібалітава-гнейсавы).
На ПнЗ і Пд платформы фундамент выходзіць на паверхню Зямлі і ўтварае Балтыйскі шчыт і Украінскі шчыт. Астатняя ч. платформы перакрыта платформавым чахлом Рускай пліты, на крайнім ПдЗ — Валына-Падольскай пліты. На З Рускай пліты ў скляпенневых ч. Беларускай антэклізы і Варонежскай антэклізы фундамент залягае каля паверхні Зямлі, часам утварае агаленні. На У пліты найб. буйная Волга-Уральская антэкліза. Цэнтр. ч. Рускай пліты займае Маскоўская сінекліза, якая на ПнУ пераходзіць у Мезенскую. На ўсх. ускраіне пліты Камска-Бельскі перыкратонны прагін, на зах. — Балтыйска-Прыднястроўская зона перыкратонных прагінаў, у складзе якой Балтыйская сінекліза, Падляска-Брэсцкая ўпадзіна. На ПдУ платформы Прыкаспійская ўпадзіна (найб. глыбокая). Паміж антэклізамі шэраг позніх (палеазойскіх) аўлакагенаў: Прыпяцка-Данецкі, Вяцкі, Дона-Мядзведзіцкі. У мезазоі і раннім кайназоі над Прыпяцка-Данецкім аўлакагенам утварылася Прыпяцка-Дняпроўская сінекліза. Перад горнымі збудаваннямі Урала і Карпат утварыліся Перадуральскі і Перадкарпацкі краявыя прагіны. Праз усх. ч. Балтыйскага шчыта, Латвійскую і Палескую седлавіны, Беларускую антэклізу праходзіць Балтыйска-Украінская зона прыўзнятага залягання фундамента (гал. субмерыдыянальная тэктанічная вось платформы). Платформавы чахол магутнасцю да 5—6 км, радзей да 10—20 км, складзены з асадкавых адкладаў, радзей эфузіўных утварэнняў рыфею — фанеразою. Чахол падзяляюць на структурныя мегакомплексы: квазіплатформавы (гоцкі і дальсландскі комплексы ніжняга — сярэдняга рыфею; асадкава-эфузіўны), катаплатформавы (ніжнебайкальскі комплекс верхняга рыфею — ніжняга венду; эфузіўна-асадкавы) і ортаплатформавы (верхнебайкальскі, каледонскі, герцынскі, кімерыйска-альпійскі комплексы верхняга венду — антрапагену; асадкавы, часткова эфузіўны). З пародамі фундамента звязаны радовішчы жал. руды (Крыварожскі жалезарудны басейн, Курская магнітная анамалія і інш.), руд нікелю, медзі, тытану; слюды, пегматыты, паклады апатытаў і інш. У асадкавым чахле паклады гаручых газаў і нафты (Волга-Уральскі нафтагазаносны басейн і інш.), каменнай і калійных солей (Прыпяцкі саляносны басейн і інш.), выкапнёвых вуглёў (Данецкі вугальны басейн і інш.), фасфарытаў, баксітаў, буд. сыравіны, прэсных і мінер. вод і інш.
Р.Г.Гарэцкі.
т. 16, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)